Аўтару «жэсцянкі» пра МАЗ пагражае тры гады турмы (Відэа)
- 12.09.2013, 12:19
На аўтара папулярных ролікаў «Хронікі завода» і « Хронікі раёна» Руслана Мірзоева завялі крымінальную справу.
Пра гэта актывіст паведаміў сайту charter97.org.
«У дачыненні да мяне ўзбуджаная крымінальная справа. Я па сутнасці ўжо павінен сядзець у турме, але пракурор мяне вызваліў пад падпіску аб нявыездзе да суда. Я знаходзіўся на хатняй «хіміі» пасля відэа «Хронікі раёна». Нечакана і рэзка з розных інстанцый на мяне пасыпалася куча парушэнняў. Яны неістотныя, але такім чынам у мяне сабралася каля пяці парушэнняў. Інспектар вельмі хутка распачаў крымiнальную справу, і калі я прыйшоў на адзнаку, мяне ашаламілі такой весткай. Я адбыў трое сутак у КПЗ, але мяне нейкім цудам адпусцілі. Цяпер чакаю суда. Мне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі», - кажа Руслан.
Малады чалавек лічыць, што гэта непасрэдным чынам звязана з відэаролікамі, якія ён здымае.
«Натуральна, наўпрост мне ніхто не сказаў, што гэта звязана з маімі ролікамі. Факт у тым, што да відэа ўсё было нармальна, але пасля таго, як я адбыў сем сутак на Акрэсціна, усё закруцілася. Менш чым за месяц з'явілася такая колькасць парушэнняў, і была ўзбуджаная справа. Таму ў мяне склалася ўражанне, што да мяне ставяцца прадузята, так як мае знаёмыя адбываюць падобнае пакаранне. У іх па 17-20 парушэнняў і ўсё нармальна, а ў мяне толькі пяць і такі «залёт», - працягнуў хлопец.
Ён адзначыў, што на дадзены момант не займаецца здымкамі «антысацыяльных» відэа, а робіць проста гумарныя ролікі.
«Але нягледзячы на гэта, штосьці камусьці не падабаецца. Я з усіх сіл стараюся выконваць рэжым, але ад творчасці адмовіцца не магу. Гэта немагчыма. Як можна забіць у чалавеку агністы парыў яго сэрца і жаданне самарэалізавацца? Я разумею, у якой дзяржаве жыву, але я не магу забіць у сабе гэты парыў, што значыць згніць знутры», - падкрэсліў Руслан.
Нагадаем, Руслан Мірзоеў быў звольнены з Менскага аўтазавода за «серыял» пра будні завадчанаў, а пасля атрымаў сем сутак арышту за свае новыя відэаролікі «Хронікі раёна».