Перад Беларуссю замаячыў крызіс, як у 2011 годзе
- 13.05.2024, 13:27
Улады стаяць перад скрыжаваннем.
У сярэдзіне года беларускія ўлады апынуцца на скрыжаванні - альбо далей стымуляваць попыт дзеля росту ВУП, забыўшыся на коштавую стабільнасць, альбо дазволіць эканоміцы «ахалоджвацца», забыўшыся на мэту па ВУП, піша thinktanks.by.
Такое меркаванне зрабіў даследчы цэнтр BEROC у раздзеле аб рызыках свайго квартальнага маніторынгу эканомікі.
Беларускія эканамісты чакаюць, што да сярэдзіны 2024 года назапашаныя тэмпы прыросту ВУП Беларусі істотна знізяцца. Эканамічная актыўнасць будзе слабець: экстэнсіўнае выкарыстанне вытворчых магутнасцяў дасягне столі, а грашова-крэдытныя стымулы звузяцца.
У такой сітуацыі беларускія ўлады апынуцца перад выбарам: альбо задзейнічаць дадатковыя стымулы ў спробе наблізіцца да мэтавага параметру прыросту ВУП у 3,8% (але гэта запатрабуе змякчэння коштавага кантролю), альбо забыцца на дасягненне гэтай мэты і засяродзіцца на барацьбе з інфляцыяй – хутчэй за ўсё адміністрацыйнымі інструментамі.
Калі стаўка на ВУП
На думку BEROC, першая опцыя падвышае пагрозу макраэканамічнай і фінансавай дэстабілізацыі, бо эканоміка ўжо перагрэтая і далейшае яе стымуляванне запатрабуе каласальнага напампоўвання ўнутранага попыту.
Выпуск будзе пераўзыходзіць раўнаважны ўзровень на 5–6% да канца 2024 года: падобны маштаб дысбалансу меў месца ў Беларусі толькі перад крызіснымі перыядамі 2009, 2011 і 2014–2015 гг.
Калі прыярытэт - кошты
Другая опцыя можа спрыяць паступоваму "рассмоктванню" коштавага ціску ад унутранага попыту. Тады інфляцыя застанецца ў межах 5% у 2024 годзе. Аднак працяглае стрымліванне росту коштаў адміністрацыйнымі метадамі азначае падтрыманне інфляцыйнага падстрэшка. З'явіцца пагроза таварных дэфіцытаў і паступовага згасання інвестыцыйнай актыўнасці.