BE RU EN

«Уся краіна будзе ведаць, я размажу ваш Ельскі ПМС!»

  • 15.06.2024, 14:27

У Беларусі затапіла вёску з цікавай назвай, вяскоўцы абвінавачваюць мясцовыя ўлады.

Жарты пра беларускую Венецыю і гандолы ў жыхароў вёскі Роза Люксембург у Ельскім раёне не выклікаюць усмешкі. Пад ваду пайшлі прыватныя агароды і калгаснае поле. Плавае нават мэбля ў дамах. Вяскоўцы абвінавачваюць мясцовыя ўлады, паведамляе nashaniva.com.

У некаторых месцах населенага пункта немагчыма прайсці нават у гумовіках. Некалькі відэа з вёскі Роза Люксембург на Ельшчыне выклаў у цік-ток блогер, які сказаў, што затапленне адбылося 13 чэрвеня. Найбольш папулярны ролік пачынаецца з таго, як мясцовая жанчына (аўтар называе яе баба Зіна) вельмі эмацыйна размаўляе з кімсьці за кадрам - меркавана, з прадстаўніком Ельскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

- Уся краіна будзе ведаць, я размажу ваш Ельскі ПМС! - абураецца жанчына.

Нябачны суразмоўца спрабуе нясмела апраўдацца:

- Анатольеўна, вы думаеце, адны? Я ўчора з 6 раніцы да 9 вечара…

- Што вы там у кабінетах? І бухгалтэрыі граблі дайце, хай грабуць!

Вяскоўцы з жалем і сумам глядзяць на затопленыя агароды. Тая самая баба Зіна спрабуе прайсці па найбольш затопленых месцах, але кажа, што далей не пойдзе, бо вады вышэй за калена.

- Ну, а што рабіць, што рабіць? Усё прападзе, - безнадзейна ўздыхае жанчына. - Працы шкада, столькі ж уклалі. Часнок, цыбуля, агуркі, памідоры - усё пад вадой. Душа баліць.

Жанчына дадае, што калгаснае поле - збожжавыя, кукуруза - таксама затопленае. У тым, што адбылося, мясцовыя абвінавачваюць Ельскае ПМС. У каментарах аўтар відэа тлумачыць, што былі дажджы, абводныя каналы засмеціліся, службы іх не чысцілі і чамусьці не адчынялі шлюзы для таго, каб вада сыходзіла ў раку.

За дзень ролік набраў больш за 700 тысяч праглядаў.

Апошнія навіны