«Ёсць парадаксальная рэч»: як Зяленскі можа падолець Ына
- 13.01.2025, 16:39
Ужо заўважныя першыя зрухі.
Прапанова Украіны да кіраўніцтва КНДР аб магчымасці абмену палонных - гэта правільны ход. Аб гэтым сказаў кіраўнік Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў, цяпер вайсковец Узброеных сіл Украіны Аляксандр Мусіенка ў эфіры «Радыё Свабода».
Ён адзначыў, што цалкам нармальная сітуацыя, якую прапануе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каб вярнуць Паўночнай Карэі яе ваеннапалонных, якія ваявалі ў РФ, калі Кім Чэн Ын арганізуе іх абмен на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў засценках Расеі.
«Гэта вельмі добры ход, бо такім чынам паказваем, што Паўночная Карэя знаходзіцца ў звязку з Расеяй і з'яўляецца ўдзельніцай агрэсіі. Гэта правільны і ваенна-палітычны ход. Як адрэагуе на гэта Кім Чэн Ын, убачым», - сказаў Мусіенка.
З яго слоў, пакуль што рэакцыі няма, а тых, хто трапіў у палон, спрабавалі «прыкрыць» расейскімі вайсковымі білетамі, дзе яны значацца як жыхары Тувы, каб утаіць, што яны паўночнакарэйцы.
Эксперт адзначыў, што цяпер ёсць парадаксальная рэч - расейскія войскі атакуюць малымі групамі, ужываюць дроны, а паўночнакарэйцы дзейнічаюць цяпер, як расейскія войскі ў 2022 годзе, ідуць калонамі, не лічачыся са стратамі.
«Парадокс у тым, што мы не бачым, каб прыбывалі дадатковыя сілы з Паўночнай Карэі ў Расею. А гэта значыць, што паўночнакарэйцам і Кім Чэн Ыну не вельмі баліць, што там будзе з гэтымі войскамі КНДР. Яму адкрыта напляваць. Але з іншага боку, не адпраўка дадатковых войскаў можа сведчыць аб тым, што ён гэтага і не зробіць, бо бачыць, якія нясе страты, а выніку няма. І ён думае, што ўжо з Пуціным разлічыўся», - сказаў Мусіенка.
Ён адзначыў, што выглядае так, што Кім Чэн Ын ці ўвогуле адмовіцца адпраўляць новых жаўнераў у РФ, ці выставіць такі кошт РФ, што магчыма Пуцін не захоча плаціць. «Хоць, магчыма, і захоча. Але пакуль такой адпраўкі дадатковых сіл не фіксуецца», - падкрэсліў Мусіенка.