«Адкрылі лісток непрацаздольнасці, а потым думай, як патрапіць»
- 11.03.2025, 12:23
У райцэнтры пад Менскам паскардзіліся на чаргу да дзіцячага лекара.
Жыхары Смалявічаў не задаволеныя працай педыятрычных кабінетаў паліклінікі № 2: сцвярджаюць, што ўзяць талон - праблема. Акрамя таго, ужо маючы на руках запіс на пэўны час, даводзіцца праводзіць у чарзе блізу трох гадзін. Ёсць і іншыя пытанні. Партал Smolevichi 24 даведаўся, што кажа аб тым, што адбываецца адміністрацыя.
Адна са смалявічак паскардзілася, што «адкрылі лісток непрацаздольнасці, а потым думай, як патрапіць [да лекара], каб яго падоўжыць ці закрыць».
Другая, Наталля, расказала, што не можа развязаць праблему з вакцынацыяй. Дзіця хваравітае, і прышчапіцца ў належныя тэрміны часта не атрымліваецца. Цяпер малы здаровы, але запіс на прышчэпку ў сакавіку ўжо закрыты:
- Прыйшла ў рэгістратура, прастаяла 20 хвілін, каб даведацца, што на сакавік талонаў ужо няма. А калі дзіця зноў захварэе?
Кацярына кажа, што сутыкнулася зпадобнай сітуацыяй:
- Заказвала вакцыну для дзіцяці яшчэ ў снежні, мне патэлефанавалі толькі на днях і прызначылі прышчэпку на 11 сакавіка. Патэлефанавала, каб узяць талончык да педыятра, а мне кажуць: "Іх няма". Дзяўчына папрасіла прабачэння і сказала, што не ведае, як дапамагчы, параіла прыйсці і папрасіцца прыняць без талона. Але як ты будзеш прасіцца, калі людзі сядзяць у чарзе, чакаюць з талонамі? Муж таксама днямі прасіўся ўзяць даведку - не пусцілі. І я б не пусціла.
Галоўная лекарка Смалявіцкай цэнтральнай раённай лякарні ЦРБ Вольга Уварава патлумачыла, што зараз у паліклініцы сапраўды вялікія чэргі праз сезонны рост захворвання, а ВРВІ не ідзе на спад. Працяглае чаканне звязана з тым, што хворых дзяцей прымаюць без талонаў і па-за чаргой. Запіс на прыём з талонамі ўжо адкрыты на красавік.
У той жа час для закрыцця лістка непрацаздольнасці талон не патрабуецца - лекар сам прызначае дату і час візіту.
Прыём у паліклініцы вядуць тры педыятры, якім дапамагаюць лекары агульнай практыкі. З 17 сакавіка ў медычную установу на два тыдні накіруюць яшчэ аднаго спецыяліста.
Калі бацькі не могуць зрабіць прышчэпку згодна з графікам або запіс іх не задавальняе, галоўная лекарка параіла ім звярнуцца да загадчыцы паліклінікі.