Паліна Шарэнда-Панасюк выступіла ў Еўрапарламенце
- 11.03.2025, 15:24
Актывістка заклікала да новых метадаў ціску на рэжым Лукашэнкі.
На адкрыццё пленарнага пасяджэння Еўрапейскага парламента ў Страсбургу запрасілі жанчын, якія змагаюцца за свабоду.
Перад еўрадэпутатамі выступіла былая палітычная зняволеная, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, валанцёрка з Украіны Тата Кеплер, а таксама вызваленая з расейскага палону крымская татарка Леніе Умерава.
У сваім выступе Паліна Шарэнда-Панасюк расказала пра імкненне беларусаў стаць часткай Еўразвязу, катаванні, праз якія праходзяць вязні рэжыму Лукашэнкі, а таксама заклікала еўрадэпутатаў да максімальнага ціску на дыктатара. Сайт Charter97.org падае выступ актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:
- Добры дзень, паважаныя дэпутаты Еўрапейскага парламента!
Мяне клічуць Паліна Шарэнда-Панасюк, я прадстаўляю тут грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь», якая выступае за інтэграцыю свабоднай Беларусі ў Еўропу. Гэты сцяг - сімвал нашай кампаніі. За гэтыя сцягі мяне і маіх сяброў збіваюць, кідаюць у турмы, жахліва катуюць.
Нашая кампанія рыхтавала і рэвалюцыю 2020-га года. За гэта я разам з іншымі сябрамі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і была арыштаваная ў студзені 2021 года.
Чатыры гады мяне трымалі як палітычную закладніцу рэжыму Лукашэнкі. Я прайшла праз пекла турмаў дыктатара, які ў нязменным выглядзе захаваў метады фізічнага і псіхічнага знішчэння сталінскага ГУЛАГа. Чатыры гады поўнай ізаляцыі ад свету, ад дзяцей і родных. Чатыры гады адзіночных камер, перасыльных вагонаў, 270 дзён так званых штрафных ізалятараў, якія з'яўляюцца месцам ізаляцыі і катаванняў.
Але я вытрымала і выйшла на волю. Я выйшла на волю ў тым ліку і дзякуючы вашай прынцыповай пазіцыі, спадары дэпутаты Еўрапарламента. Я вельмі ўдзячная асабіста прэзідэнтцы, спадарыні Рабэрце Метсоле за ўсе тыя захады, якія былі зробленыя для майго вызвалення. А таксама хачу падзякаваць усім прысутным, хто змагаўся за маё вызваленне.
Але дагэтуль у Беларусі ў закладніках у тэрарыстычнага рэжыму знаходзяцца тысячы іншых палітвязняў. Сярод іх мае паплечнікі з «Еўрапейскай Беларусі» - Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Павел Юхневіч. Пра многіх з палітвязняў няма звестак ужо больш за два гады, як пра аднаго з лідараў беларускай нацыі Мікалая Статкевіча. Невядома, ці жывы ён увогуле. Таксама катастрафічнае становішча ў палітычна зняволеных жанчын: Вікторыі Кульшы, Алены Гнаўк, Вольгі Маёравай. У мяне моцная трывога за іхняе жыццё.
Дарагія сябры! Ужо 30 гадоў у цэнтры Еўропы, ля самай мяжы Еўразвязу, існуюць канцлагеры, дзе катуюць і забіваюць людзей толькі за іх імкненне да свабоды. Гэта недапушчальна, каб цывілізаваны свет мірыўся з фактам, што Беларусь працягвае знаходзіцца пад уладай псіхічна хворага тэрарыста.
Я выйшла на волю толькі дзякуючы ціску на гэты рэжым. Не верце фальшывым заявам рэжыму і ягоных хаўруснікаў, што палітвязні выпускаюцца нібыта праз гуманізм. Не!
З людзей катаваннямі выбіваюць прашэнні да Лукашэнкі аб памілаванні, прымушаюць даваць «пакаянныя інтэрв'ю» і падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ. Людзей шантажуюць, пагражаюць ціскам на сваякоў, забіраюць дзяцей, маёмасць.
Сотні тысяч беларусаў пад пагрозай новых рэпрэсій мусілі ўцякаць з краіны.
Я заклікаю да ўзмацнення рэальнага ціску на рэжым Лукашэнкі не толькі праз увядзенне новых санкцый і дбайнага кантролю за іх ажыццяўленнем. Супраць рэжыму павінны быць уведзеная паўнавартасная блакада і гандлёвае эмбарга на падставе 33-га артыкула Статута Міжнароднай арганізацыі працы. Праз канцлагер пад назвай Беларусь не павінна быць ніякага транзіту тавараў, якія едуць у Еўропу з Кітая і іншых краін Усходу. Рэжым павінен стаць поўным выгнанцам у палітычным, эканамічным і спартовым плане. Гэта рэальныя дзеянні, якія прымусяць рэжым выпусціць палітвязняў. І гэта будзе першы крок для вызвалення ўсяго народа Беларусі.
Без свабоднай Беларусі існаванне свабоды і дэмакратыі ў Еўропе заўсёды будзе пад пагрозай, уключаючы расейскую агрэсію. Таксама перамога ва Украіне не будзе магчымай і поўнай без свабоднай Беларусі.
Апазіцыя Беларусі змагаецца супраць дыктатуры, за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь. Мы змагаемся за тыя каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрапейскі звяз. У гэтай барацьбе нам патрэбная ваша дапамога ў абароне і захоўванні вашых жа каштоўнасцяў. Вы можаце дапамагчы нам вызваліць нашых сяброў і нашых лідараў, якія сёння знаходзяцца ў турмах. Вы можаце дапамагчы Еўропе пазбавіцца ад злачынцаў, якія развязалі крывавую вайну супраць Украіны - Лукашэнкі ды Пуціна.
За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь!