BE RU EN

Беларуская пенсіянерка страціла грошы праз каханне да Кіяну Рыўза

  • 11.03.2025, 20:43

«Акцёр» перапісваўся з жыхаркай Віцебска на расейскай мове.

Жыхарка Віцебска стала ахвярай махляра, які назваўся знакамітым галівудскім акцёрам Кіану Рыўзам і выбавіў у яе грошы, паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі.

Віцебскім гарадскім аддзелам СК вызначаюцца абставіны махлярства, ахвярай якога стала 63-гадовая жыхарка Віцебска.

Пачалося з таго, што восенню летась жанчыне ў мэсэнджары напісаў мужчына. Ён назваўся знакамітым галівудскім акцёрам Кіану Рыўзам. Ад агульных тэмаў, якія абмяркоўвалі на расейскай мове, перайшлі да любоўных.

Суразмоўца не толькі прызнаўся ў каханні, але і дасылаў віцяблянцы фатаграфіі, выдаючы іх за свае. У даверлівай жанчыны не было сумневу, што з ёй мае зносіны сам Кіяну Рыўз.

«Ужо ў снежні 2024 года “акцёр” парадаваў весткай – надумаў дапамагчы матэрыяльна, даслаўшы пасылку на 500 тысячаў даляраў ЗША», – паведамілі падрабязнасці ў СК.

Няісныя грошы, вядома ж, ніяк не маглі дайсці да пенсіянеркі. Затое былі выдуманыя паведамленні ад «прадстаўнікоў паштовых фірмаў», каб яна аплаціла перасылку падарунка.

У студзені – сакавіку 2025 года віцяблянка перавяла 4 тысячы рублёў. Потым паступіла інфармацыя пра неабходнасць забраць пасылку, аднак для гэтага трэба перавесці яшчэ 7 тысячаў даляраў.

Калі жанчына пайшла ўдакладняць памер адсоткавай стаўкі крэдыту, супрацоўнік банка парэкамендаваў звярнуцца ў праваахоўныя органы. На гэтым яе мары скончыліся.

Следчыя дапыталі пацярпелую, агледзелі яе мабільны тэлефон і далучылі перапіску з ашуканцамі да матэрыялаў крымінальнай справы.

Апошнія навіны