У Расеі з'явіліся пытанні да мяса з Беларусі
- 12.03.2025, 11:33
Што з прадукцыяй не так.
Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду РФ (Рассельгаснагляд) будзе праводзіць узмоцнены лабараторны кантроль мясной прадукцыі з некалькіх беларускіх прадпрыемстваў. Гэта вынікае з дакумента, апублікаванага на сайце ведамства.
Кантрольныя органы знайшлі неадпаведнасць у мясе з Беларусі, якое пастаўляюць у РФ даволі буйныя беларускія вытворцы.
У дакуменце сказана, што асаблівую ўвагу будуць надаваць прадукцыі прадпрыемстваў "Донапрыс" з Гомеля, "Агракамбінат "Дзяржынскі", "Глыбоцкі мясакамбінат" і філіяла "Камянецкі" "Берасцейскай міжраённай гандлёвай базы".
Спецыялісты знайшлі ў мясе незаяўленыя ГМА-кампаненты, бактэрыі кішачнай палачкі і лістэрыю ў ялавічыне. Акрамя таго, з 11 сакавіка абмежавалі ўвоз на тэрыторыю суседняй краіны мяса ад кампаніі ТАА "Межава СТАРТ".
Цяпер у Расеі прадукцыю будуць дадаткова лабараторна кантроляваць, а калі правілы скасуюць - не паведамляецца.