У Скідзелі падлеткі дапамаглі пенсіянерцы, а пасля абакралі яе
- 12.03.2025, 12:32
У жанчыны скралі картку і грошы.
У Скідзелі падлеткі прапанавалі пенсіянерцы дапамогу, а затым абакралі яе. Пра гэта паведаміў набліжаны да МУС тэлеграм-канал.
Са звестак сілавікоў, 67-гадовая жанчына жыве адна і мае патрэбу ў дапамозе. Перыядычна да яе заходзіў 14-гадовы падлетак, які займаўся справамі па дому. Аднойчы хлопец і яго таварыш сустрэлі пенсіянерку на дварэ і пацікавіліся, ці патрэбная тая дапамога, на што атрымалі станоўчы адказ.
Калі яны прыйшлі дадому, жанчына папрасіла пачакаць яе на кухні, а сама пайшла ў пакой. У гэты момант адзін з хлопцаў залез у торбу пенсіянеркі і забраў з партманэта 50 еўраў і банкаўскую картку.
Падлеткі абмянялі грошы і падзялілі іх пароўну, а карткай разлічыліся ў краме. Калі жанчыне прыйшло апавяшчэнне аб спісанні сродкаў, яна звярнулася ў міліцыю.
Распачатая крымінальная справа.