BE RU EN

The Telegraph: Брытанскі флот спыніць Пуціна

  • 12.03.2025, 14:09

Трамп разбудзіў Злучанае Каралеўства.

Брытаніі трэба зноў стаць магутнай марской дзяржавай, піша доктар гісторыі і аглядальнік The Telegraph Робэрт Томбс (пераклад — сайт Charter97.org):

Больш за 150 гадоў Брытанія прытрымлівалася адной дыпламатычнай стратэгіі: пазбягаць варожасці з ЗША і, па магчымасці, рабіць іх супольнікамі.

Усё гэта апраналі ў прыгожыя словы, асабліва ўлады Злучанага Каралеўства. Ужо ў 1890-х брытанцы казалі аб адзінстве "англамоўных народаў", а ў 1917 годзе Лондану ўдалося залучыць ЗША да ўдзелу ў Першай сусветнай вайне.

Аднак ЗША нярэдка дзейнічалі па-драпежніцку і прытрымліваліся ізаляцыянісцкай палітыкі. На іх рахунку - доўгі спіс пагроз на адрас Мексікі і Канады. У 1920-х яны падарвалі перспектывы еўрапейскага свету, адмовіўшыся ратыфікаваць Версальскую дамову і намагаюцчы на поўным вяртанні хаўрусніцкіх пазык. А з 1940 да 1945 года значна прыслабілі Брытанію, канфіскаваўшы вялікую частку яе назапашанага багацця і разбурыўшы гандлёвую сістэму.

Альянсы - гэта не сяброўства. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адрозніваецца толькі сваёй адкрытай цынічнасцю. Вялікі лорд Пальмерстан меркаваў, што брытанцы павінны сябраваць з той дзяржавай, якая можа нанесці краіне найбольшую шкоду. Такая, прынамсі на гэты момант, сутнасць "асаблівых стасункаў". Магчыма, так было заўжды.

Трамп разбудзіў Злучанае Каралеўства. Дакладней, прымусіў Брытанію пачаць абуджацца ад доўгага сну. Пакуль брытанцы толькі на словах падтрымліваюць нацыянальную абарону. Але план прэм'ер-міністра ў тым, каб ажывіць "асаблівыя стасункі", прапанаваўшы размясціць брытанскія войскі ва Украіне ў надзеі, што гэта падштурхне Трампа да выдачы той "падтрымкі", якую ён неаднаразова адмаўляўся даваць.

Брытанцы паступалі аналагічна, адпраўляючы нязначныя вайсковыя сілы ў Ірак і Афганістан, а да гэтага - у Боснію, каб паказаць, што мы карысны супольнік для ЗША ці ЕЗ.

Тое ж самае адбылося ў 1914 годзе (калі Брытанскі экспедыцыйны корпус быў практычна знішчаны за тры месяцы) і ў 1939 годзе (што прывяло да Дзюнкерка). Пальмерстан і, магчыма, кожны дзяржаўны дзеяч пасля яго палічылі б адпраўку сімвалічнага кантынгенту ва Украіну вар'яцтвам. Гэтыя жаўнеры альбо стануць закладнікамі, як еўрапейскія войскі ў Босніі (успомнім Срэбраніцу), альбо іх прысутнасць надасць ганебную легітымнасць «свету», навязанаму Пуціну і Украіне.

Давайце будзем сумленнымі. Адзінае, што мы можам зрабіць карыснага, - гэта даць Украіне грошы, зброю і навучыць войскі, пакуль яна супраціўляюцца, а таксама садзейнічаць таму, каб іншыя краіны рабілі тое ж самае.

Мы ніколі не маглі ўмешвацца ў справы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы: гэта было гэтак жа дакладна ў 1849 годзе (калі нам было шкада вугорцаў), у 1945 годзе (калі нам было шкада палякаў), як і сёння.

Ключавым аспектам гістарычнай моцы Брытаніі была менавіта такая непераможнасць, нягледзячы на яе невялікае насельніцтва, доўгую берагавую лінію і маленечкае войска.

Непераможнасць была заваявана з цяжкасцю, канчаткова дасягнута толькі пасля Трафальгара. Да гэтага ўварванне заставалася сталай пагрозай. Але Напалеон, кайзер і Гітлер зразумелі, што яно стала немагчымым. Таму яны спрабавалі перакрыць нам гандаль, пастаўкі харчавання і сыравіны.

У 1840-х супраціўнікі з нецярпеннем чакалі, калі ж Брытанія памрэ ад голаду. На шчасце, варожыя рэйдары і падводныя лодкі нават не наблізіліся да перамогі. Наадварот, менавіта Брытанія змагла замарыць голадам сваіх ворагаў: падчас Першай сусветнай вайны ад голаду загінула блізу 750 000 немцаў.

Падчас Другой сусветнай вайны Брытанія змагла адбіць смяротны ўдар з паветра, у чым дапамаглі распрацоўкі 1930-х гадоў у галіне радыёлакацыі і хуткасных знішчальнікаў, адначасова руйнуючы нямецкую вайсковую эканоміку і знішчаючы яе працоўную сілу масавымі бамбаваннямі.

Мы больш не непераможныя і не здольныя адказаць на напад. Уразлівыя не толькі марскія перавозкі, якія забяспечваюць 95% брытанскага гандлю (нават хусіты атакуюць брытанскія судны), але і падводныя кабелі, трубаправоды і прыбярэжныя ветрагенератары. Мы таксама выявілі, што абарона ад паветраных нападаў у Брытаніі, мякка кажучы, недастатковая.

Гісторыя рэдка дае дакладныя ўрокі, але гэты, безумоўна, відавочны. Каб быць у бяспецы і ўплываць на падзеі ў свеце, Брытанія павінна заставацца марской дзяржавай. Мы не можам (за выключэннем кароткачасовых сітуацый крайняй неабходнасці) быць адначасова моцнымі на сушы і на моры. Амаль ніводная дзяржава не дала гэтаму рады на працягу ўсёй гісторыі.

Мы не павінны адцягваць увагу на стварэнне наземных войскаў для адпраўкі ў аддаленыя раёны Еўропы. Танкі не абароняць трубаправоды і ветраныя электрастанцыі. Полк «Чэленджэраў» ва Украіне не спалохае Пуціна. Мы не зможам дапамагчы хаўруснікам, калі самі застаёмся ўразлівымі.

У гэтым выпадку адважныя салдаты, аб кіраваныя з невыканальнай місіяй, будуць гінуць дарма, і іх прыйдзецца эвакуаваць, як гэта было ў Басры і Гільмендзе.

Але ваенна-марскія сілы могуць гарантаваць бяспеку Еўропы і стрымліваць агрэсараў.

Флот - дарагое задавальненне, але ў небяспечным свеце ён незаменны для працвітання і бяспекі Брытаніі. Расейцы ўжо патрулююць брытанскія воды, неўзабаве да іх далучацца кітайцы.

Чатыры дзесяцігоддзі бяздзейнасці патрабуюць, каб мы пачыналі ўсё спачатку, з залучэння людзей на вайсковую-марскую службу.

На шчасце, вайсковыя марскія кадры кампенсуюць малую колькасць высокай эфектыўнасцю. У эпоху каралевы Вікторыі колькасць флоту была прыкладна такой жа, як сёння, але тады было лепшае (і самае дарагое) абсталяванне.

Цяпер нам патрэбны падлодкі, самалёты, дроны, аператыўныя авіяносцы. Нам неабходны сур'ёзныя абарончыя і наступальныя кіберздольнасці - сучасны эквівалент гарматных кананерак Пальмерстана.

Для гэтага спатрэбяцца сур'ёзныя палітычныя пераўтварэнні. Трэба пераразмеркаваць бюджэт і адкласці мэты вугляроднай нейтральнасці на нявызначаны тэрмін.

Час пакажа, ці зробіць гэты ўрад ці гэта будзе ўсяго толькі імітацыя бурнай дзейнасці.

Мы можам працягваць аслабляць абарону праз недафінансаванне, спадзеючыся на цуд ці на дапамогу амерыканцаў. Або, як Гішпанія, прыняць ролю назіральніка, спадзеючыся, што іншыя развяжуць сусветныя праблемы. Гэта не прывяло да катастрофы для Гішпаніі і было сумленнай пазіцыяй.

Аднак мы ведаем, што агрэсары не пакінуць Брытанію ў спакоі.

Апошнія навіны