Двое «электрыкаў» больш за гадзіну катавалі праграміста ў ягонай кватэры ў Менску
- 12.03.2025, 15:45
Вымагалі крыптавалюту на мільярд рублёў.
Менскі праграміст стаў ахвярай замоўнага разбою. У яго вымагалі крыптавалюту на вялікую суму, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Здарэнне адбылося ў сярэдзіне жніўня мінулага года. У кватэру сталічнага праграміста патэлефанавалі два «электрыкі» і сказалі, што трэба праверыць лічыльнікі.
Псеўдаэлектрыкі начапілі на менчука кайданкі і сталі патрабаваць у яго крыптавалюту на агульную суму больш за мільярд рублёў. Пры гэтым яму пагражалі пісталетам і электрашокерам, а таксама ін'екцыяй наркатычных сродкаў. Нападнікі катавалі менчука больш за гадзіну. Потым яны далі яму 24 гадзіны для пераводу крыптавалюты на электронны кашалёк і ўцяклі, забраўшы з сабой тэлефон.
Следчыя завялі крымінальную справу. Яны ўстанавілі, што ў пацярпелага была крыптавалюта, але не ў такіх вялікіх аб'ёмах. У СК прыйшлі да высновы, што напад быў замоўленым. Планаванне і падрыхтоўка нападзення вяліся некалькі месяцаў. Нападнікі выконвалі меры канспірацыі і засцярогі, планавалі шляхі адыходу.
"Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося ўстанавіць асобы выканаўцаў замоўнага нападу, імі былі грамадзяне Беларусі (56 і 57 гадоў), адзін з якіх з крымінальным мінулым", — заявілі ў СК.
56-гадовага падазраванага затрымалі. Ён прызнаўся ў зробленым і супрацоўнічае са следствам. Мужчына паказаў, дзе яны выкінулі пнеўматычны пісталет з глушыцелем, а таксама кайданкі.
Другі фігурант справы ўцёк у Польшчу аўтаспынамна на наступны дзень пасля нападу. Яму выставілі абвінавачванне завочна і абвясцілі ў міжнародны вышук.
Следчыя звярнулі ўвагу, што ў кватэры праграміста была вялікая сума грошай і дарагая маёмасць. Але нападнікі патрабавалі менавіта крыптавалюту.