Спыненне агню ва Украіне: ЗША будуць кантактаваць з РФ сёння
- 12.03.2025, 15:47
Пра гэта заявіў дзяржсакратар Марка Рубіё.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША "будуць кантактаваць" з Расеяй ужо 12 сакавіка. Размова з расейскай стараной стане наступным крокам у кантэксце сустрэчы ЗША і Украіны ў Савудаўскай Арабіі.
Пра гэта паведамляе The Guardian.
Так, Рубіё заявіў, што ЗША "будуць кантактаваць з расейцамі" сёння.
Паводле ягоных слоў, ЗША спадзяюцца атрымаць станоўчы адказ ад Расеі і "настойліва заклікаюць расейцаў спыніць усе вайсковыя дзеянні".
"Вайсковага развязання гэтага канфлікту не існуе", - сказаў ён.
Рубіё таксама пацвердзіў, што на перамовах у аўторак, 11 сакавіка, у Джыдзе (Савудаўская Арабія) абмяркоўвалася, "як будзе выглядаць перамоўны працэс", і былі "размовы аб тэрытарыяльных саступках".
11 сакавіка ў Савудаўскай Арабіі прайшла сустрэча дэлегацый Украіны і ЗША. Перамовы адбыліся ў Джыдзе і працягваліся восем гадзін.
Падчас сустрэчы была дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню на 30 дзён, а таксама аб аднаўленні паставак вайсковай дапамогі ЗША, а таксама абмене выведвальнымі звесткамі.
На гэты момант увядзенне рэжыму спынення агню залежыць ад РФ.