BE RU EN

Зяленскі зрабіў шэраг важных заяў

  • 12.03.2025, 17:38

Прэзідэнт Украіны назваў «чырвоныя лініі» і пракаментаваў магчымы рэжым цішыні.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сераду, 12 сакавіка, заявіў, што ЗША ўзмоцніць санкцыі супраць Расеі, а таксама ўзброіць Украіну ў выпадку адмовы расейскага боку ад 30-дзённага замірэння.

Аб гэтым ён сказаў журналістам пасля сустрэчы ўкраінскай і амерыканскай дэлегацый у Савудаўскай Арабіі, піша «Інтэрфакс-Украіна».

«Моцныя крокі ў дачыненні да расейскага боку [з боку ЗША]. Я так разумею, што мы можам разлічваць на моцныя крокі. Не ведаю, дэталі пакуль не ведаю, але мы гаворым пра санкцыйныя дзеянні адпаведна, ну, і ўзмацненне Украіны», - заявіў украінскі прэзідэнт.

На пытанне аб тым, якія шанцы на тое, што расейскі бок пагодзіцца на прапанаванае 30-дзённае замірэнне, Зяленскі сказаў, што «паглядзім [якія шанцы]».

Таксама Зяленскі адзначыў, што прызнанне захопленых тэрыторый часткай РФ - абсалютна немагчыма. Ён падкрэсліў, што ўкраінцы змагаюцца, ёсць загінулыя і параненыя - і гэтага ніхто не забудзе. З яго слоў, гэта «галоўная чырвоная лінія» для Украіны».

Зяленскі расказаў, што абмеркаванне гарантый бяспекі стане больш прадметным у выпадку 30-дзённай цішыні. Гэты перыяд неабходны для дакладнай фармулёўкі дакументаў, узгаднення крокаў і фарматаў бяспекі.

«Гэтыя 30 дзён вылучаюць менавіта для таго, каб пакласці прапановы на паперу, узгодненыя з саюзнікамі крокі і фарматы тых ці іншых гарантый бяспекі, якія будуць у Украіны пасля гэтай вайны», - растлумачыў ён.

Паводле слоў прэзідэнта, ключавой задачай для Украіны зараз з'яўляецца ўстанаўленне цішыні. Далей будзе распрацоўвацца пакрокавы план завяршэння вайны з гарантыямі бяспекі.

«Калі гэта будзе зроблена, то пасля гэтага будзе знята ваеннае становішча і будуць выбары згодна з украінскім заканадаўствам. Ніхто адкладаць іх не будзе», - дадаў ён.

Апошнія навіны