Украіна ўзнагародзіць байцоў палка Каліноўскага сталёвымі крыжамі «За вашу і нашу свабоду»
- 13.03.2025, 16:04
Беларускія добраахвотнікі атрымаюць вышэйшую калектыўную ўзнагароду Украіны.
14 сакавіка ў Дзень украінскага добраахвотніка на міжнародным форуме «Адзінства і падзяка» вышэйшымі калектыўнымі ўзнагародамі Украіны - сталёвымі крыжамі «За вашу і нашу свабоду» - узнагародзяць усіх замежных добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну, паведамляе «Белсат».
У спісе ўзнагароджанняў замежныя добраахвотнікі сіл бяспекі абароны Украіны, УСУ, сухаземных войск, Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны, добраахвотнікі Нацгвардыі, спецслужбы транспарту, а таксама аддзела каардынацыі ў пытаннях праходжання воінскай службы штаба камандавання.
Узнагароды будуць уручаныя беларусам з палка імя Кастуся Каліноўскага, байцам Грузінскага нацыянальнага легіёна, батальёна імя шэйха Мансура, легіёна «Свабода Расіі», байцам Расейскага добраахвотніцкага корпуса, міжнароднага легіёна ГУР і інтэрнацыянальным легіёнам абароны Украіны.
Акрамя калектыўных узнагарод будуць уручаныя не менш як 35 індывідуальных узнагарод асобным воінам. Узнагароды будуць уручаць герой Украіны, генерал-маёр Ігар Гардзяйчук, першы кавалер зоркі «За мужнасць» Максім Царэнка. Асобным байцам узнагароды будуць уручаць камандзіры інтэрнацыянальных і міжнародных легіёнаў.