У расейскага віцэ-прэм'ера знайшлі VIP-склеп пад Масквой
- 13.03.2025, 17:17
Ён знаходзіцца пад храмавым комплексам.
Каля падмаскоўнага пасёлка Пірагова будуюць храмавы комплекс Пакровы Прасвятой Багародзіцы з VIP-склепам для папячыцеляў і верталётнай пляцоўкай, высветлілі журналісты «Системы».
Бенефіцыярам праекта з'яўляецца віцэ-прэм'ер РФ Дзяніс Мантураў.
Комплекс размяшчаецца на шасці гектарах ля Клязьмінскага вадасховішча. Ён змяшчае два храмы: асноўны на 400 прыхаджан і хрысцільны з купеллю, духоўна-асветніцкі цэнтр, гульнявую пляцоўку для дзяцей і паркоўку на 90 аўтамабіляў.
Будаўніцтва пачалося яшчэ ў 2020 годзе, аднак пра VIP-склеп высветлілася толькі зараз. Пад асноўным храмам спраектавалі падземны некропаль з магільным склепам для заможных ахвяравальнікаў.
Сам пасёлак Пірагова, размешчаны паблізу Мыцішчаў, фактычна належыць Мантураву, аднак фармальна ён запісаны на блізкую да віцэ-прэм'ера групу «Гута».