Большасць амерыканцаў уважаюць Трампа як "занадта шчыльна звязанага" з Расеяй
- 14.03.2025, 10:11
З’явіліся вынікі апытання.
Большасць амерыканцаў уважаюць Трампа занадта шчыльна звязаным з Расеяй.
Больш за палову амерыканцаў, уключаючы значную частку рэспубліканцаў, думаюць, што прэзідэнт Дональд Трамп "занадта шчыльна звязаны" з Расеяй, паколькі ён радыкальна пераарыентуе замежную палітыку ЗША.
Апытанне праведзенае агенцтвам Reuters супольна з Ipsos.
Паводле вынікаў апытання, 56% амерыканцаў, у тым ліку 89% дэмакратаў і 27% рэспубліканцаў, думаюць, што Трамп занадта блізкі да Расеі. Не пагадзіліся з гэтым сцвярджэннем 40 адсоткаў рэспандэнтаў, а 4 адсоткі не адказалі на пытанне.
"Разварот Амерыкі на Расею пад кіраўніцтвам прэзідэнта, які раней выказваў захапленне расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, шакаваў супольнікаў ЗША, падсілкоўваючы дыскусію ў Еўропе аб тым, што амерыканскія супольнікі там павінны планаваць уласную абарону, не разлічваючы на дапамогу ЗША".
Што тычыцца пазіцыі Трампа ў дачыненні да Украіны, 44% апытаных падтрымалі яго ідэю прывязаць амерыканскую вайсковую дапамогу Украіне да атрымання дзелі ўкраінскіх мінеральных рэсурсаў. Дзве траціны рэспубліканцаў падтрымалі гэтую ідэю, як і кожны пяты дэмакрат.
Адказваючы на пытанне, якім з пераліку існых у ЗША праблем Трамп павінен аддаць перавагу, толькі 1% амерыканцаў выбралі пашырэнне тэрыторыі ЗША, у параўнанні з 61%, якія выбралі барацьбу з інфляцыяй, і 13%, якія сказалі, што яму трэба засяродзіцца на скарачэнні федэральнага ўрада.
Толькі 17% рэспандэнтаў, у тым ліку 26% рэспубліканцаў, падтрымалі мэту Трампа аб паглынанні Канады. Каля 21 адсотак рэспандэнтаў, у тым ліку 34 адсоткі рэспубліканцаў, падтрымалі ідэю захопу Сектара Газы для ўстанаўлення міру на Блізкім Усходзе.
65% адсоткаў рэспубліканцаў апытаных сказалі, што яны згодныя са сцвярджэннем, што "ЗША павінны ўзяць пад кантроль Панамскі канал, каб абараніць сваю эканоміку". Блізу 89% дэмакратаў не пагадзіліся.
Амаль 45% рэспубліканцаў пагадзіліся са сцвярджэннем, што ЗША павінны "ўзяць пад кантроль Грэнландыю, каб амерыканскія вайскоўцы маглі лепш абараняць краіну", у той час як 88% дэмакратаў не пагадзіліся.
У апытанні Reuters/Ipsos, якое праводзілася онлайн і па ўсёй краіне, было апытана 1 422 дарослыя амерыканцы, яно мае хібнасць на 3 адсоткавыя пункты.