У Беларусі пайшлі першыя грыбы
- 14.03.2025, 10:42
Літровы слоік можа каштаваць больш за 200 рублёў.
Беларусы пачынаюць хваліцца «уловам» першых веснавых грыбоў: кошт за літровы слоік можа дасягаць 200-250 рублёў. Грыбнік і папулярызатар ціхага палявання Аляксандр Гарбацэвіч расказаў, што гаворка пра смаржкі канічныя, піша агенцтва «Минск-Новости».
Смаржок канічны - грыб вельмі рэдкі: расце, са слоў суразмоўцы, усяго тры тыдні на годзе.
- На другім тыдні сакавіка ў Менскім раёне ўжо знайшлі першыя «смарчковыя шапачкі», таму праз 2-3 тыдні можна ісці і грунтоўна збіраць. Наогул гэтае сямейства налічвае некалькі сотняў відаў. Самы каштоўны смаржок канічны. Літровы слоік можа каштаваць 240-250 рублёў. Дарэчы, есці іх можна нават у сырым выглядзе, - расказаў Гарбацэвіч.
Але трэба быць асцярожнымі: у гэтых ядомых і рэдкіх грыбоў ёсць атрутны сабрат пад назвай страчок - змяшчае таксін гірамітрын. Таму не варта моцна цешыцца і надкусваць першы «кучаравы» грыб (а менавіта такая шапачка характэрна для абодвух сямействаў) грыб - неабходна старанна праверыць, ці смаржок перад вамі.
Яшчэ адзін першы вясновы грыб - саркасціфа пунсовая. Гучыць пагрозліва, візуальна таксама выклікае пытанні, але пры гэтым ядомы.
- У Скандынаўскіх краінах іх паэтычна называюць «кубак эльфаў», ёсць і адпаведная легенда. Цікавыя тым, што пасля варэння не страчваюць ярка-пунсовы колер, па кансістэнцыі нагадваюць мяса кальмара. І растуць яны толькі ў экалагічна чыстых месцах, гэтакі прыродны дазіметр, - расказаў Гарбацэвіч.
Ён нагадаў, што ў Беларусі растуць нават труфелі, прычым цэлых сем відаў. Праўда, ядомых толькі два - белы і летні чорны. Аднак яны чырвонакніжныя, і збор іх пагражае штрафам.