У Абу-Дабі рыхтуюць найбуйнейшае ў свеце светлавое шоў з тысячамі дронаў
- 14.03.2025, 12:36
Арганізатары запэўніваюць, што яно зменіць уяўленне людзей пра забавы.
Абу-Дабі рыхтуецца прадставіць найбуйнейшае ў свеце светлавое шоў, у якім будзе задзейнічана 10 тысяч дронаў. Мэта праекта - спалучэнне культурных наратываў і перадавых тэхналогій.
Як піша Interesting Engineering, гэтая ініцыятыва з'яўляецца вынікам партнёрства паміж Дэпартаментам культуры і турызму Абу-Дабі, амерыканскай кампаніяй Nova Sky Stories і мясцовай фірмай Analog. Сінхранізаваныя выступленні дронаў створаць маштабныя гісторыі ў некалькіх знакавых месцах сталіцы, асвятляючы асобныя аспекты культурнай спадчыны і футурыстычнага бачання:
"Дынамічныя фармацыі дронаў, якія працуюць на аснове сінхранізацыі ў рэальным часе і адаптыўнага інтэлекту, пераасэнсуюць магчымасці жывых забаў, ператвараючы гарызонт Абу-Дабі на эвалюцыявальнае палатно для інавацый".
Генеральны дырэктар Analog Алекс Кіпман растлумачыў, што яны створаць у небе галаграфічныя гісторыі, у якіх традыцыі спалучацца з тэхналогіямі новага пакалення. Як ён запэўніў, гледачы змогуць адчуць "іскру цуду", магчымую толькі тады, калі ўяўленне сустрэнецца з рэальнасцю.
Светлавыя шоў
Нагадаем, у пачатку года Абу-Дабі ўстанавіла новы рэкорд Гінэса, арганізаваўшы самы вялікі ў свеце феерверк і шоў з 6 000 дронаў, якое доўжылася 50 хвілін.
А ў навагоднюю ноч 2022 года знакаміты хмарачос Burj Khalifa у Дубаі прадставіў фантастычнае шоў пад назвай "Eve of Wonder", якое ўключала неверагодныя 3D-праекцыі на фасадзе хмарачоса, якія дапаўняліся лазернымі і светлавымі эфектамі.