Украінскі афіцэр: Войска РФ вычэрпвае свой рэсурс
- 14.03.2025, 12:49
Магчымасцяў для правядзення вялікага наступу ў расейскіх войскаў недастаткова.
Пасля захопу Аўдзееўкі Данецкай вобласці ў лютым 2024 года войска РФ на тэрыторыі Украіны прасунулася максімум на 55-60 км, паклаўшы пры гэтым сотні тысяч сваіх жаўнераў. Цяпер у Расеі гучаць заявы аб падрыхтоўцы новай маштабнай наступальнай аперацыі, аднак рэсурсаў для правядзення вялікага наступу ў расейскіх войскаў недастаткова. Аб гэтым сёння, 13 сакавіка, у эфіры тэлеканала FREЕДОМ сказаў вайсковы аналітык Аляксей Гецьман.
“Я думаю, што ў іх запасы яшчэ засталіся. Але яны, натуральна, рэсурс вычарпалі, нешта засталося, але ўжо не ў такой колькасці, каб можна было праводзіць такія масаваныя штурмавыя аперацыі, як яны праводзяць. Да таго ж яны анансавалі, што ўвесну гэтага года, то бок недзе ў красавіку, бліжэй усё ж да траўня ці нават да пачатку лета, яны плануюць новую наступальную маштабную аперацыю. Яна разлічаная на перыяд ад шасці месяцаў да дзевяці месяцаў”, - заўважыў ён.
Гецьман звярнуў увагу, што калі рыхтуецца любая наступальная аперацыя, то на момант яе арганізацыі згортваюцца паступова актыўныя баявыя дзеянні.
«Таму што трэба прывесці ў парадак войска, трэба тэхніку прывесці ў парадак, то бок гэта сур'ёзная працяглая праца. Такія аперацыі рыхтуюцца месяцамі. Вось гэтая наступальная аперацыя, якая цяпер скончылася і заканчваецца, пачалася таксама вясной мінулага года, і падрыхтоўка да яе была недзе паўгода», - растлумачыў аналітык.
Паводле ягоных слоў, ад Канстанцінопаля да Нью-Ёрка лінія фронту зараз больш-менш стабілізаваная.
«Прасоўвання істотных расейскіх войскаў няма, дзе-нідзе ў чатырох кірунках на Пакроўскім адцінку мы правялі нашыя контрнаступальныя аперацыі. Мы не зайшлі глыбока за лінію фронту і не прасунуліся на вялікія адлегласці, гэта было некалькі кіламетраў, але ўсё адно гэта, як мінімум контрудары, і як мінімум стабілізацыя лініі фронту», - расказаў ён.
Гецьман раіць не перабольшваць сілу расейцаў, якія кожны дзень заяўляюць аб нейкім прасоўванні па тэрыторыі Украіны, але ў той жа час ён заклікае не глядзець на сітуацыю на фронце ў ружовых акулярах.