На аўкцыён выставілі маёмасць некалі вядомага медцэнтра
- 14.03.2025, 16:06
Ён закрыўся пасля таго, як за яго ўзяліся сілавікі.
У Гомелі выставілі на аўкцыён гандлёвае памяшканне медцэнтра «Новы зрок», а таксама некалькі аўтамабіляў гэтай кампаніі. Нагадаем, гэтая фірма ў 2023 годзе патрапіла пад «каток» рэпрэсій, а яе заснавальніка Алега Каўрыгіна завочна прысудзілі да вялікага тэрміну, піша «Зеркало».
Плошча памяшкання складае 1 341,4 м². У апошнія гады будынак пустуе.
Таргі пройдуць 26 сакавіка, калі знойдуцца ахвочыя ў іх удзельнічаць. Першапачатковы кошт — 1 140 000 рублёў, пазначана на сайце «БелЮрЗабеспячэння».
Валодае гэтым гандлёвым памяшканнем медцэнтра «Новы зрок» у Гомелі расейская кампанія «Афтальмалагічны цэнтр Карэліі». Сярод абцяжаранняў - іпатэка і забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы.
Таксама з аўкцыёну хочуць прадаць тры аўтамабілі кампаніі. Гэта Volkswagen Caddy 2017 года з першапачатковым коштам 38,8 тысячы рублёў. Выстаўленыя на аўкцыён таксама два аўтамабілі Volkswagen Caravelle (1, 2) 2016 і 2018 гадоў. Стартавая цана першага - 56,6 тысячы рублёў, а другога - 83,3 тысячы рублёў.
Што адбывалася з «Новым зрокам»?
У красавіку 2023 года Камітэт дзяржкантролю заявіў, што выявіў у сетцы медцэнтраў «Новы зрок» шэрую схему па выплаце заробкаў у канвертах. Паводле КДК, больш за 50 чалавек атрымалі «ў канвертах» звыш 2,5 млн рублёў. Сілавікі заявілі, што гэтыя сродкі ў краіну ўвозілі «розныя асобы», а асноўным падазраваным стаў «фактычны ўласнік медцэнтра», які стала пражываў у Літве, маючы на ўвазе Алега Каўрыгіна. У дачыненні да яго і яшчэ чатырох супрацоўнікаў кампаніі распачалі крымінальную справу па ўхіленні ад выплаты падаткаў.
27 ліпеня Міністэрства аховы здароўя пазбавіла сетку медцэнтраў «Новы зрок» ліцэнзіі. Паводле афіцыйнай версіі - праз парушэнне заканадаўства аб ліцэнзаванні. Ведамства заявіла, што клініка прадставіла падробленыя дакументы.
У гэты ж дзень заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін заявіў, што абвінавачанні надуманыя. Кампанія паведаміла, што пакіне беларускі рынак, супрацоўнікаў медцэнтраў у спешным парадку звольнілі.
Праз некалькі дзён у вялікім інтэрв'ю «Зеркалу» Каўрыгін распавёў, што не ўважае справу за «палітычную». Ён распавёў, што на яго ціснуць, а таксама спрабуюць аднавіць адну з крымінальных спраў, якую яшчэ ў 2016 годзе распачалі ў дачыненні да яго.
«Нас абвінавачваюць у тым, што «Новы зрок» набываў медыцынскія тавары даражэй, чым яны каштуюць на заводзе», — казаў Каўрыгін.
З ліпеня, калі медцэнтры былі закрытыя, і па сёння афіцыйных каментароў па крымінальнай справе аб ухіленні ад падаткаў не было.
Летась заснавальніка бізнэсу завочна прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу 400 тысяч рублёў. Сам Каўрыгін назваў справу палітычна матываванай. Акрамя ўхілення ад выплаты падаткаў, яму таксама «прышылі» тыповыя «палітычныя» артыкулы — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, распальванне сацыяльнай варожасці і заклікі да санкцый.