«Гэта азначае капітуляцыю Масквы»
- 15.03.2025, 12:35
Нічога добрага ад «сябра Дональда» не будзе
Ваенны злачынец і Z-патрыёт Ігар Гіркін (Стралкоў), які адседжвае тэрмін у турме РФ за крытыку рэжыму, прагназуе Расеі вельмі вялікія праблемы на фронце ўжо да канца 2025 года.
Ліст Стралкова, датаваны 12 сакавіка, быў апублікаваны паплечнікамі на ягоным канале ў Telegram, паведамляе Dialog.UA.
Z-патрыёта вельмі засмуціла тое, што Украіна змагла хутка наладзіць стасункі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і дамаглася аднаўлення ваеннай дапамогі.
«Цяпер мы маем ізноў кансалідаваную пазіцыю Амерыкі, Еўразвязу і Украіны ў дачыненні да нас і да ваенных дзеянняў», – напісаў Стралкоў.
Ён упэўнены, што амерыканцы прымусяць Расею вельмі дорага заплаціць за магчымасць скончыць гэтую вайну на знясіленне.
«Нам выкацяць “план Келага”, які азначае капітуляцыю Масквы, паколькі прадугледжвае вяртанне пад кантроль Кіева Херсонскай і Запарожскай абласцей. Ды і для Крыма/Данбаса фіксуе падвешаны статус», – напісаў чэкіст.
Ён не адмаўляе таксама таго, што падчас дамоўленасцяў патрабаванні да Расеі будуць расці і яе прымусяць сысці з усёй тэрыторыі Украіны.
Ён упэўнены, што ў Расеі засталося ўсяго 6–9 месяцаў на тое, каб атрымаць хоць нейкі буйны поспех на фронце кшталту паўторнай акупацыі Херсона.
Пазней гэта зрабіць будзе немагчыма, бо, на думку Стралкова, да справы падключыцца кантынгент краінаў-чальцоў Паўночнаатлантычнага альянсу.
«Да канца года цалкам верагодны ўдзел у ваенныя дзеянні абмежаваных кантынгентаў краінаў NATO… з СПА і баявой знішчальнай авіяцыяй… Нічога добрага я ад новых ініцыятываў “сябра Дональда” не чакаю ад слова зусім», – канстатаваў Стралкоў.