СМІ: «Амкадор» нацыяналізавалі пастановай Менгарвыканкама з грыфам ДСП
- 15.03.2025, 10:59
У прэсе з'явіўся непублічны дакумент.
У пятніцу, 14 сакавіка, стала вядома пра меркаваную нацыяналізацыю «Амкадора». Гэтай кампаніяй раней валодаў адзін з «гаманцоў» Лукашэнкі – бізнэсмэн Аляксандр Шакуцін. Высновы выдання засноўваліся на тым, што з Адзінага дзяржрэестра кампаній і ІП (АДР) знікла інфармацыя пра акцыянераў кампаніі.
«Зеркало» апублікавала дакумент, які пацвярджае, што цяпер у «Амкадора» ёсць часовы знешні кіраўнік – ААТ «БЕЛАЗ».
У распараджэнні «Люстэрка» трапіла даверанасць, якую 3 сакавіка 2025 года ААТ «БЕЛАЗ» выдала генеральнаму дырэктару «Амкадора» Вадзіму Жуку.
У дакуменце паведамляецца, што «БЕЛАЗ» з'яўляецца часовым знешнім кіраўніком на «Амкадоры». Указаная і падстава для гэтага – пастанова Менскага гарвыканкама для службовага карыстання ад 3 студзеня 2025 года. Падпісаў яе дырэктар «БелАЗа» Сяргей Лесін.
Даверанасць дае Вадзіму Жуку права падпісваць і завяраць ад імя «Амкадора», а таксама ўпаўнаважваць дылераў набываць прадукцыю прадпрыемства.
Нагадаем, 14 сакавіка стала вядома, што з АДР знікла інфармацыя пра акцыянераў «Амкадора». У рэестры таксама няма звестак пра Аляксандра Шакуціна, які валодаў большай часткай акцый «Амкадора».