Украінскі школьнік, які прыехаў у Эстонію два гады таму, перамог на алімпіядзе ў эстонскай мове
- 15.03.2025, 11:15
Калі Раман прыйшоў у школу, ён ведаў толькі некалькі эстонскіх словаў.
Украінскі юнак Раман Крук, пераможца рэспубліканскай алімпіяды ў эстонскай мове як няроднай, вывучае эстонскую ўсяго два гады.
Паводле словаў педагогаў, вучань агульнай гімназіі Цюры (Türi Ühisgümnaasium) дасягнуў такога выніку дзякуючы стараннасці і выключнаму моўнаму таленту.
18-гадовы Раман Крук – самы старэйшы ў сваім класе, бо школа дазволіла яму застацца ў 10-м класе на другі год, каб дапамагчы ў засваенні эстонскай мовы.
У сераду ж прыйшла радасная навіна – Раман перамог на рэспубліканскай алімпіядзе ў эстонскай мове як няроднай, паведамляе «Актуальная камера» (ETV).
«Там быў дыялект, як я зразумеў, аднекуль з Тарту. Таксама было заданне на аўдыяванне. У асноўным усё было на ўспрыманне на слых, але было лягчэй, чым я думаў», – расказаў Раман.
Настаўніца эстонскай мовы Авераніка Беэкман адзначыла, што, калі Раман прыйшоў у школу, ён ведаў толькі некалькі эстонскіх словаў. На ейную думку, ягоны поспех – гэта вынік упартай працы і выключнага моўнага таленту.
«Ён увесь час запісваў словы, перакладаў для сябе сказы. Як толькі я ўбачыла, што ён перакладае з дапамогай тэлефона – фатаграфуе тэкст і атрымлівае пераклад на расейскую – я адразу сказала: “Так ты мову не вывучыш. Трэба разбіраць словы адно за адным, запамінаць іх самастойна”. І вось так ён і вучыўся», – сказала Беэкман.
«Я жыву ў Эстоніі блізу двух гадоў і, напэўна, пачаў разумець эстонскую мову прыкладна праз год. Вельмі важную ролю тут згуляла тое, што я знаходжуся ў эстонскім моўным асяроддзі. Я вучуся ў эстонскай гімназіі, маю зносіны з сябрамі на эстонскай, і ўсё гэта ўплывае», – падкрэсліў Раман.
Цяпер на стале ў Рамана – кнігі Яана Кроса «Імператарскі вар'ят» і Матса Траата «Танец вакол паравога катла». Кантрольныя працы ў эстонскай мове ён піша на найлепшыя балы ў класе. І сяброў у яго таксама нямала.
«З першага дня ў школе мы пачалі размаўляць. Ён вельмі гаманкі і вясёлы хлопец. З ім лёгка гутарыць, ён любіць жартаваць», – сказаў Керма Кальяс, сябар і аднакласнік Рамана.
У будучыні Раман хацеў бы стаць лекарам.