Мянчанка звярнулася ў падатковую з незвычайнай просьбай
- 15.03.2025, 11:58
Там здзівіліся і падумалі, што гэта жарт, але потым закруцілася цэлая справа.
Жыхарка Менска папрасіла казіно абмежаваць яе візіты, аднак ва ўстанове дзяўчыну накіравалі ў падатковую. Там прыгразілі наладзіць прадстаўнікам гульнёвага бізнэсу праверку, паведамілі ва Управе аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі МПЗ Менска.
У менскую ўправу звярнулася дзяўчына, якая хацела добраахвотна абмежаваць сябе ў наведванні гульнёвых установаў. Падатковыя органы такую працэдуру не здзяйсняюць, таму супрацоўнікі ўдакладнілі, чаму яна пастанавіла звярнуцца менавіта да іх.
Адказ іх збянтэжыў: «Я прыйшла ў казіно ХХХХХ, каб напісаць заяву на самаабмежаванне, але яны скіравалі мяне да вас».
«Калі гэта быў жарт з боку прадстаўнікоў гульнёвага бізнэсу, то ён не атрымаўся», – сказалі ва ўстанове.
Там паабяцалі правесці афіцыйную гутарку з гульнёвай установай і ўзяць яе «на аператыўнае суправаджэнне».
«З практыкі працы мы ведаем, што там, дзе шмат і недарэчна жартуюць, звычайна не ўсё ў парадку з выкананнем руцінных абавязкаў», – дадалі ва ўправе.
Адзначым, згодна з пунктам 13 Палажэння аб ажыццяўленні дзейнасці ў сферы гульнёвага бізнэсу фізічная асоба можа самастойна абмежаваць сябе ў наведванні гульнёвых установаў і ўдзеле ў азартных гульнях на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Для гэтага даволі асабіста падаць пісьмовую заяву любому арганізатару азартных гульняў.
Падача заявы любому арганізатару азартных гульняў разглядаецца як падача заявы ўсім арганізатарам азартных гульняў на тэрыторыі Беларусі.