Перамоўнік Пуціна прапанаваў Маску арганізаваць супольную экспедыцыю на Марс
- 15.03.2025, 14:52
Названая дата.
Кіраўнік Расейскага фонду прамых інвестыцый (РФПІ) Кірыл Дзмітрыеў, які браў удзел у расейска-амерыканскіх перамовах у Саудаўскай Аравіі 18 лютага, прапанаваў Ілану Маску арганізаваць супольную місію Расеі і ЗША на Марс у 2029 годзе, паведамляе The Moscow Times.
Пра гэта ён напісаў у публікацыі на платформе (X). «Нашы розумы і тэхналогіі павінны служыць славе чалавецтва, а не ягонаму знішчэнню», – падкрэсліў Дзмітрыеў.
Раней Маск паведаміў, што ў канцы 2026 года ягоная кампанія плануе выправіць на Марс карабель Starship з чалавекападобным робатам Optimus. Паводле ягоных словаў, калі пасадка пройдзе паспяхова, высадка першых астранаўтаў на Чырвоную планету можа стаць рэальнасцю ўжо ў 2029 годзе, хоць больш верагодны тэрмін – 2031 год.
У ходзе расейска-амерыканскіх перамоваў у Саудаўскай Аравіі, якія адбыліся 18 лютага, Дзмітрыеў курыраваў інвестыцыйна-эканамічны блок. Паводле звестак РФПІ, на сустрэчы ён абмяркоўваў з прадстаўнікамі ЗША далягляды ўзнаўлення эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі.
23 лютага Уладзімір Пуцін прызначыў Дзмітрыева сваім спецпрадстаўніком у пытаннях інвестыцыйна-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі. У гэтай ролі ён будзе развіваць справавыя сувязі Расеі як з краінамі Глабальнага Поўдня, так і з Захадам, у тым ліку ЗША. Пры гэтым Дзмітрыеў застанецца кіраўніком РФПІ.
Вашынгтон неаднаразова заяўляў пра маштабныя планы даследавання Марса. Сярод іншага, 20 студзеня 2025 года, падчас сваёй інаўгурацыйнай прамовы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра намер выправіць астранаўтаў на Марс, каб «устанавіць там зорна-паласаты сцяг».
Нягледзячы на санкцыйныя абмежаванні, Расея і ЗША прадаўжаюць супрацоўнічаць у космасе. У лютым «Раскосмас» і NASA зноў падоўжылі пагадненне аб супольных палётах – цяпер да 2026 года.
Пра перспектывы партнёрства з Іланам Маскам раней выказваўся і Уладзімір Пуцін. У канцы лютага ён заявіў, што калі Маск закончыць рэфармаванне дзяржаўнага апарату ЗША і засяродзіцца на навуцы, расейскія кампаніі маглі б наладзіць з ім супрацоўніцтва.