Der Spiegel: Мерц рыхтуецца абвясціць пра пастаўку Украіне дальнабойных Taurus
- 15.03.2025, 15:35
Кіраўнік партыі, якая перамагла на выбарах, настроены катэгарычна.
Фрыдрых Мерц, які ў найбліжэйшыя месяцы павінен заняць пасаду канцлера Нямеччыны, рыхтуецца перадаць Украіне дальнабойныя крылатыя ракеты Taurus.
Пра гэта паведаміла газета Der Spiegel.
Украіна ўжо даўно просіць у Берліна «Таўрусы» для нанясення ўдараў па тылавых аб'ектах расейскага войска.
Аднак дзейны канцлер Нямеччыны Олаф Шольц катэгарычна адмовіўся гэта рабіць, аргументуючы сваю пастанову нежаданнем правакаваць Расею.
Мерц, падобна, больш катэгарычны, чым Шольц. Яшчэ ў снежні 2024 года гэты кіраўнік Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Нямеччыны заявіў, што дасць згоду на пастаўку Taurus Украіне, калі зойме пасаду канцлера. І, мяркуючы з звестак Der Spiegel, не адмовіўся ад сваіх словаў.
На днях стала вядома, што ключавыя палітычныя сілы Нямеччыны ўзгаднілі вылучэнне дадатковых 3 млрд еўраў на ваенную дапамогу Украіне.
Верагодна, частка гэтых грошай пойдзе на набыццё «Таўрус» для УСУ. Яны таксама дамовіліся пра стварэнне спецыяльнага фонду памерам 500 млрд, з якога паводле спрошчанай схемы можна будзе фінансаваць абаронныя праекты.
Taurus вельмі патрэбныя Украіне, асабліва ва ўмовах нестабільных стасункаў са Злучанымі Штатамі. Гэтыя ракеты вагой 1,4 тыс. кг, якія здольныя наносіць удары на адлегласці да 500 км, дадуць магчымасць Сілам абароны Украіны падбіваць тылавыя аб'екты расейскага войска.
Паветраныя сілы УСУ ўжо прапрацавалі інтэграцыю «Таўрусаў» у свае знішчальнікі «Су-24» і F-16.