У Грэнландыі прайшлі маштабныя пратэсты супраць Трампа
- 16.03.2025, 10:41
Пад лозунгамі «Мы не прадаёмся» і «Yankee, go home».
У Грэнландыі 15 сакавіка прайшлі маштабныя пратэсты — мітынгоўцы выступалі супраць заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які раней неаднаразова выказваў жаданне «набыць» астраўную дзяржаву.
Пра гэта паведамляе швэдскае выданне Dagens Nyheter.
Пратэсты ў Грэнландыі праходзілі пад лозунгам «Грэнландыя належыць грэнландскаму народу» і «Мы не прадаёмся». Акрамя таго, асобныя ўдзельнікі таксама выкарыстоўвалі стары лозунг «Yankee, go home» («Янкі, ідзіце дадому») - неаднаразова гучаў цягам XX стагоддзя ў іншых краінах у дачыненні да вайсковай прысутнасці ЗША.
Як піша выданне, у сталіцы Грэнландыі, горадзе Нууку, на мітынг сабраліся блізу тысячы пратэстоўцаў, і гэта з'яўляецца значнай колькасцю для горада з насельніцтвам 19 тысяч чалавек. А крыху пазней да акцыі пратэсту таксама далучыліся жыхары Сісіміута — другога па велічыні горада вострава.
На плакатах мітынгоўцаў, акрамя ўсяго іншага, было напісана «99,7% кажуць «не». На думку журналістаў DN, гэта дасылка да геаграфічных умоў Грэнландыі, бо менавіта на столькі адсоткаў яе тэрыторыя пакрытая льдамі.