Сі Цзіньпін праігнараваў запрашэнне на юбілейны саміт ЕЗ-Кітай
- 16.03.2025, 14:33
У Брусэль замест яго паедзе прэм'ер-міністр КНР.
Кітайскі лідар Сі Цзіньпін праігнараваў запрашэнне наведаць саміт у Брусэлі з нагоды 50-й гадавіны ўстанаўлення дачыненняў паміж Кітаем і Еўрапейскім Звязам.
Аб гэтым піша газета Financial Times са спасылкай на інфармаваных суразмоўцаў, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Як распавялі суразмоўцы, Пекін паведаміў чыноўнікам ЕЗ, што прэм'ер-міністр Кітая Лі Цянь сустрэнецца на саміце ў Брусэлі з прэзідэнтамі Еўрапейскай рады і Еўрапейскай камісіі, а не Сі Цзіньпін.
Адзначаецца, што правядзенне самітаў ЕЗ-Кітай традыцыйна чаргуецца паміж Брусэлем і Пекінам. Звычайна прэм'ер-міністр наведвае саміт у Брусэлі, а Сі - у Пекіне, але ЕЗ мяркуе, што важнасць гэтай сустрэчы - з нагоды паўстагоддзя дыпламатычных дачыненняў - азначае, што лідар Кітая павінен прысутнічаць на саміце.
Суразмоўцы сцвярджаюць, што абодва бакі заявілі, што перамовы працягваюцца, але першапачатковая адмова пацвердзіла меркаванне многіх у Брусэлі аб тым, што Кітай не дадасць канкрэтных дзеянняў да сваіх цёплых слоў аб неабходнасці супрацоўніцтва на фоне «наступлення прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на шматбаковы сусветны парадак».
Варта звярнуць увагу, што сёлетні саміт праходзіць у асабліва адчувальны час для дачыненняў ЕЗ і Кітая.
Напружанасць паміж Брусэлем і Пекінам узрасла пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе, калі ЕЗ абвінаваціў Кітай у падтрымцы Крамля. ЕЗ таксама ўвёў тарыфы на імпарт кітайскіх электрамабіляў, сцвярджаючы, што яны субсідаваныя.