У Еўропе абмяркоўваюць вяртанне да абавязковай службы ў войску
- 16.03.2025, 18:51
"За" выступаюць французы і немцы.
Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года заспела Еўропу знянацку. Асцярогі наконт трываласці NATO ўзраслі яшчэ больш пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паставіў пад сумненне сваю прыхільнасць артыкулу 5 - пункту аб узаемнай абароне ў выпадку нападу на аднаго з чальцоў Альянсу. Цяпер еўрапейскія краіны абмяркоўваюць вяртанне да вайсковай павіннасці, паведамляе France 24.
Адзначаецца, што зрух Трампа ў бок больш прымірыцельнага падыходу да Крамля выклікаў трывогу ў Еўропе. У гэты ж час еўрапейскія лідары прызнаюць, што пагроза расейскай агрэсіі рэальная, асабліва зараз.
«Сёння расейскія ўзброеныя сілы большыя і лепшыя, чым 24 лютага 2022 года. У расейцаў ёсць варожыя намеры ў дачыненні да краін Балтыі і ўсходняга флангу ЕЗ», - распавёў журналістам навуковы супрацоўнік Інстытута палітычных навук (IPW) Гейдэльбэргскага ўніверсітэта Аляксандр Бурылкоў.
Паводле даследавання, праведзенага экспэртам у суаўтарстве з аналітычным цэнтрам Bruegel і Кільскім інстытутам, для стрымлівання Расеі ў выпадку нападу Еўропе можа спатрэбіцца яшчэ 300 000 вайскоўцаў у дадатак да 1,47 мільёнам вайскоўцаў, якія ўжо знаходзяцца на службе.
«Набор у войска павінен адыграць сваю ролю пры любой такой вялікай колькасці новых войскаў», - падкрэсліў Бурылкаў.
У выданні падкрэслілі, што еўрапейскія краіны імкнуцца павялічыць свае выдаткі на абарону. У гэты ж час некаторыя краіны, уключаючы Францыю і Вялікабрытанію, маюць цяжкасці з наборам і ўтрыманнем вайскоўцаў.
Ipsos-CESI нядаўна правяла апытанне сярод французаў аб тым, як яны ставяцца да аднаўлення вайсковай службы. Высветлілася, што 86% жыхароў краіны падтрымліваюць гэтую ідэю. Таксама 53% рэспандэнтаў адказалі, што не супраць узнаўлення абавязковай тэрміновай службы.
Паводле апытання YouGov, 58% жыхароў Нямеччыны падтрымліваюць абавязковую вайсковую службу. Меркаванні італьянцаў і брытанцаў падзяліліся, а 53 адсоткаў іспанцаў выступілі супраць такой ініцыятывы.
У выданні нагадалі, што пасля "халоднай вайны" многія еўрапейскія краіны скасакавалі абавязковы набор у войска. Толькі Грэцыя, Кіпр, Аўстрыя, Швайцарыя, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Нарвэгія і Турцыя ніколі не прыпынялі яго.
Літва вярнула набор у войска ў 2015 годзе, праз год пасля таго, як Расея анэксавала Крым. Швэцыя пераняла гэты прыклад у 2017 годзе, а Латвія - у 2023 годзе.