Японія сабралася размясціць ракеты вялікай далёкасці паблізу Кітая
- 16.03.2025, 19:57
Ракеты Type-12 могуць з'явіцца на выспе Кюсю.
Японія разглядае магчымасць размяшчэння дальнабойных ракет Type-12 на паўднёва-заходняй выспе Кюсю з сакавіка 2026 года, паведамляе Kyodo са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Размова ідзе аб мадэрнізаванай версіі супрацькарабельных набояў з радыусам паразы блізу 1000 км. Са слоў крыніц, разгортванне будзе накіраванае на ўмацаванне бяспекі грады Нансэй. Гэтыя выспы маюць стратэгічнае значэнне з-за блізкасці да Тайваня, які знаходзіцца пад пагрозай уварвання Кітая.
Type-12 могуць размясціць у гарнізонах палка зенітных ракетных комплексаў Наземных сіл самаабароны ў Юфу (прэфектура Аіта) і ў горадзе Кумамота. Суразмоўцы выдання адзначаюць, што гэтыя набоі павінны забяспечыць краіне «магчымасць нанясення ўдару ў адказ» у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Пры разгортванні на Кюсю ў зоне дасяжнасці японскіх сіл апынуцца прыбярэжныя раёны Паўночнай Карэі і Кітая. Аднак улады сутыкаюцца з супрацівам мясцовых жыхароў, якія асцерагаюцца, што такі крок зробіць іх раёны мішэнню для патэнцыйнага супраціўніка.
Аб тым, што Японія збіраецца прыняць на ўзбраенне больш за 1000 крылатых ракет вялікай далёкасці і мадыфікаваць Type-12 у сувязі з ростам напружанасці ў рэгіёне, паведамлялася яшчэ ў жніўні 2022 года. А ў снежні ўрад краіны зацвердзіў новую стратэгію нацбяспекі, у якой гаворыцца аб праве наносіць кантрудары па цэлях на тэрыторыі патэнцыйнага супраціўніка. Дакумент таксама прадугледжвае павелічэнне вайсковых выдаткаў да 2027 года амаль удвая, да 2 адсоткаў ВУП.