Ганьба расейскай «Арматы»
- 17.03.2025, 11:50
Гэты танк так і не даехаў да ўкраінскага фронту.
Расейскія страты бранятэхнікі ў вайне супраць Украіны з'яўляюцца жудаснымі. Але сярод страчаных тысяч танкаў няма ніводнай «Арматы» - самага новага расейскага танка. Усё таму, што ён так і не ўзяў удзел у баях. Былы кансультант Пентагона Рубэн Джонсан на старонках выдання 19fortyfive расказаў, што ж не так з гэтым танкам.
Расея ўпершыню паказала свой Т-14 «Армата» ў 2015 годзе на штогадовым парадзе Перамогі ў Маскве. І падчас гэтай першай жа дэманстрацыі Т-14 зламаўся проста на Чырвоным пляцы. Аднак гэты камічны эпізод напраўду не тлумачыць адсутнасць «Арматы» на фронце. Праблема не толькі ў нізкай надзейнасці машыны, але і ў яе завоблачным кошце.
Т-14 - гэта сапраўды дастаткова складаны і ў многіх паказчыках перадавы танк, піша Джонсан. І гэта робіць яго настолькі дарагім, што становіцца па-дурному яго выкарыстоўваць у баявых дзеяннях. Кіраўнік адной з украінскіх абаронных кампаній параўнаў «Армату» з дарагім італьянскім спорткарам, які здаецца цудам тэхнікі, пакуль стаіць на вітрыне аўтакрамы, але падчас паўсядзённай эксплуатацыі вонкі вылазіць яго абуральная непрактычнасць і непрыстасаванасць да язды па звычайных дарогах.
Як адзначае аўтар публікацыі, Т-14 сапраўды атрымаў «перадавую» канструкцыю, а яго сістэмы з'яўляюцца значным крокам наперад у параўнанні з расейскімі танкамі папярэдніх пакаленняў. Напрыклад, ён настолькі «высока кампутарызаваны», што ў тэорыі мог бы працаваць як беспілотны танк.
Але гэтыя новыя «высокія» тэхналогіі і пахавалі «Армату». Акрамя нізкай надзейнасці, якая характэрна для новага пакалення любой тэхнікі, Т-14 быў яшчэ і дужа дарагім. Мяркуецца, што «Армата» каштуе ад 5 да 9 мільёнаў даляраў за штуку. Сяргей Чэмезаў, кіраўнік расейскага абароннага кансорцыума «Ростэх» і даўні блізкі паплечнік расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна афіцыйна заявіў, што Т-14 «занадта дарагі» для адпраўкі ва Украіну.
Са слоў Чэмезава, «расейскім вайскоўцам лягчэй купіць больш старыя Т-90», чым адправіць Т-14 ва Украіну (заўважым, што кошт новага Т-90М складае блізу 1,5 млн даляраў).
«Здаецца, такі лёс танка, як зараз, так і ў будучыні. Узровень страт у высокатэхналагічных баявых дзеяннях і запатрабаванне ў прасцейшай зброі, якую лягчэй рамантаваць, робяць Т-14 непрактычным», - рэзюмуе аўтар публікацыі.