Стала вядома, якім будзе падатак на сабак у Менску
- 8.03.2025, 10:57

Стаўка падатку пачне дзеянне з 9 сакавіка.
Менскі гарадскі «савет дэпутатаў» зацвердзіў стаўкі падатку на сабак, які пачне дзеянне з 9 сакавіка. Пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з апублікаваным дакументам, памер застаўся такім самым, як і раней: уладальнікі патэнцыйна небяспечных пародаў будуць плаціць 37 рублёў, а за астатніх сабак падатак складзе 11,1 рубля.
Характэрна, што ў Падатковым кодэксе Беларусі пазначаныя іншыя сумы: 63 рублі за небяспечныя пароды і 13 рублёў за звычайных сабак. Аднак Менгарсавет скарыстаўся сваім правам змяншаць стаўкі падатку, пакінуўшы іх на ўзроўні мінулага года.
Паглядзець спіс патэнцыйна небяспечных пародаў можна на сайце Міністэрства падаткаў і збораў. У іх ліку – акбаш, бардоскі дог, бульмастыф, бультэр'ер, кангал, аўчаркі (напрыклад, каўказская, грэцкая, нямецкая, румынская), рызеншнаўцэр, ратвейлер, чорны тэр'ер, шарпей.
Улады скасавалі падатак на сабак для людзей з інваліднасцю І і ІІ групы. А калі ў людзей з інваліднасцю ёсць сабака-павадыр, то збор не будуць браць незалежна ад групы.
Таксама ад падатку на першага сабаку вызвалілі пенсіянераў, людзей з інваліднасцю ІІІ групы, шматдзетных і сем'яў з дзіцем з інваліднасцю. Гэта значыць, за другую і наступных жывёлаў гэтым катэгорыям насельніцтва трэба плаціць гэты збор.
Ад падатку на аднаго сабаку таксама вызвалілі тых, хто жыве ў сваім доме.
За нявыплату падатку за валоданне сабакамі, як і любога іншага падатку, могуць выпісаць штраф – да 15 базавых велічыняў, або 630 рублёў, калі не зарэгістраваць гадаванца і не ўнесці збор.