У РПЦ накінуліся на тых, хто адзначае 8 Сакавіка
- 8.03.2025, 15:10
Бо свята звязанае з жаночай свабодай і нібыта «не адпавядае традыцыям».
Пакуль расейцы спяшаюцца па тульпаны і скрынкі цукерак, у царкоўных колах абмяркоўваюць, наколькі дарэчы ўвогуле святкаваць 8 Сакавіка.
Так, пробашч падвор'я Свята-Троіцкай Сергіевай лаўры ў Перасвеце протаярэй Канстанцін Харытонаў нагадаў, што Праваслаўная царква не падтрымлівае гэтае свята. Прычына простая – занадта ўжо яно звязанае з паняццем «жаночай свабоды», а гэта, на думку святара, не адпавядае традыцыям і культуры Расеі, піша The Moscow Times.
«Царква не падтрымлівае не жанчынаў, а менавіта свята – само святкаванне вось гэтай жаночай эмансіпацыі, так званай свабоды. 8 Сакавіка не звязанае з нашымі традыцыямі, нашай культурай, тысячагадовай гісторыяй», – растлумачыў Харытонаў (ягоныя словы прыводзіць «Абзац»).
Замест 8 Сакавіка ён прапанаваў адзначаць праваслаўнае свята Дзень жонак-міраносіц. Аднак настойваць на гэтым ён не стаў, адзначыўшы, што тут «прымушаць нікога не трэба». Святар таксама падкрэсліў, што менавіта хрысціянства ўзвысіла жанчыну, бо да яго яе становішча было «прыніжаным».
«Хрыстос жанчыну ўзвялічыў. Да хрысціянства яна знаходзілася ў некаторым прыніжэнні, і менавіта хрысціянства паставіла жанчыну на высокі ўзровень. Мы Божую Маці бо шануем. Таму для нас свята жонак-міраносіц – гэта заклік раўняцца на Багародзіцу, на святых жанчынаў. А 8 Сакавіка – гэта раўнанне на каго? На Клару Цэткін?» – задаў рытарычнае пытанне протаярэй.
Арыгінальнымі развагамі пра жыццё вылучаецца не толькі айцец Канстанцін. Напрыклад, протаярэй Андрэй Ткачоў, таксама прадстаўнік Расейскай праваслаўнай царквы, раней высунуў вельмі незвычайную тэорыю пра прычыны вайны ва Украіне. На ягоную думку, ваенныя канфлікты, у тым ліку гэты, выкліканыя маральным падзеннем грамадства.
Раней Ткачоў заяўляў, што жанчыны, якія імкнуцца да дзяржаўных пасадаў, пакутуюць на «хваробу, заразу і пошасць», а іх сапраўднае месца – на кухні. Акрамя таго, ён выказваўся пра жаночыя грудзі, сцвярджаючы, што калі жанчына не карміла дзіця, то яны ёй увогуле не патрэбныя. Не абышлося і без тэмаў, звязаных з «нетрадыцыйнымі стасункамі»: святар аднойчы заявіў, што расейцы становяцца геямі праз жыццё ў вялікіх гарадах.