BE RU EN

У Менску эпідэмія новага віруса?

  • 9.03.2025, 18:20

Спецыялісты сталічнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі растлумачылі сітуацыю.

У TikTok набрала папулярнасць відэа (больш за 900 тыс. праглядаў), у якім блогерка сцвярджае, што ў Менску нібыта распаўсюджваецца невядомае захворванне. Паводле ейных слоў, у яе некалькі дзён трымалася тэмпература, балела горла, а таксама былі закладзены нос і дыхальныя шляхі. Падобныя сімптомы, сцвярджае аўтарка відэа, назіраюцца і ў многіх іншых людзей.

Аднак спецыялісты Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі зняпраўдзілі інфармацыю пра эпідэмію, пішуць «Мінск-Новости». У ведамстве падкрэслілі, што эпідэміялагічная сітуацыя ў Менску застаецца стабільнай.

- Цяпер эпідэміялагічная сітуацыя ў Менску стабільная. Пры гэтым захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі характарызуецца нізкай інтэнсіўнасцю, не перавышае сярэднешматгадовыя значэнні. У структуры хворых удзельная вага дзіцячага насельніцтва складае 54,7 адсоткі, дарослага - 45,3 адсоткі. У выніку дазорнага эпідэміялагічнага сачэння за вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі фармаванне захворальнасці адбываецца пераважна за кошт цыркуляцыі вірусаў негрыпознай этыялогіі, у адзінкавых выпадках цыркулююць узбуджальнікі грыпу і каранавіруснай інфекцыі, — растлумачылі ў цэнтры.

Спецыялісты падкрэслілі, што ва ўстановах і арганізацыях Менска праводзіцца комплекс мер для прадухілення распаўсюджвання інфекцый, а сярод насельніцтва вядзецца прафілактычная работа.

Раней паведамлялася, што кантроль за эпідэміялагічнай сітуацыяй у сталіцы дапамагае забяспечваць сітуацыйны цэнтр. У яго распараджэнні - выявы з камер усіх рэгістратур паліклінік і прыёмных аддзяленняў гарадскіх стацыянараў.

Апошнія навіны